Заўвагі аб выданні GNOME 3.4
1. Уводзіны
Праект GNOME з'яўляецца міжнароднай супольнасцю, якая працуе дзеля таго, каб выдатнае апраграмаванне было даступнае для кожнага чалавека. GNOME засяроджвае ўвагу на прастаце выкарыстання, стабільнасці, першакласнай інтэрнацыяналізацыі і даступнасці для інвалідаў. GNOME з'яўляецца свабодным і адкрытым апраграмаваннем. Гэта значыць, што ўсе вынікі нашай працы можна свабодна выкарыстоўваць, змяняць і распаўсюджваць.
Выданні GNOME з'яўляюцца кожныя шэсць месяцаў. З часу папярэдняй версіі, 3.2, прыблізна 1275 чалавек зрабілі каля 41000 змен у GNOME. Зацікавіліся нашай працай? Вы можаце сачыць за нашымі дасягненнямі на Identi.ca, Twitter ці Facebook.
Калі вы хочаце дапамагчы зрабіць нашы прадукты лепшымі, далучайцеся. Мы заўсёды вітаем як мага большы ўдзел у праекце людзей, якія могуць перакладаць з англійскай мовы, дапамагчы ў маркетынгу, напісанні дакументацыі, выпрабаванні новых версій ці ў праграмаванні.
Таксама вы можаце падтрымаць нас грашыма, стаўшы Сябрам GNOME.
2. Навінкі для карыстальнікаў
3.4 з'яўляецца другім выданнем GNOME з часу 3.0 (красавік 2011 г.). У яго ўключана шмат паляпшэнняў інтэрфейсу карыстальніка, у тым ліку выпраўленні хібаў і невялікія ўдасканаленні. Вынікам гэтай працы стаў яшчэ больш прыгожы, надзейны і зручны GNOME 3.
Гэтае выданне таксама ўключае некаторыя важныя распрацоўкі. Нашы праграмы былі істотна перапрацаваны дызайнерамі і распрацоўшчыкамі, а таксама адбыліся змены ў спісе праграм GNOME. Таксама працэс удасканалення закрануў модулі, якія з'яўляюцца падмуркам для нашых праграм. Сярод іншага была дададзена плаўная пракрутка, абноўлены кампаненты інтэрфейсу карыстальніка, а таксама істотна перапрацаваныя матывы аздаблення і меню праграм.
Таксама варта згадаць новую магчымасць пошуку ў дакументах, новую праграму Boxes, відэазванкі і анімаваны фон, які абнаўляецца цягам дня. Прыемнага выкарыстання!
- 2.1. Новы від праграм для GNOME 3
- 2.2. Пошук дакументаў
- 2.3. Праграмныя меню
- 2.4. Абноўленыя кампаненты інтэрфейсу
- 2.5. Россып дробных паляпшэнняў
- 2.6. Плаўная пракрутка
- 2.7. Новы анімаваны фон стала
- 2.8. Удасканаленыя сістэмныя настройкі
- 2.9. Удасканаленая падтрымка апаратуры
- 2.10. Сапраўды карысная дакументацыя
- 2.11. Падтрымка відэазванкоў і Live Messenger
- 2.12. Шматлікія ўдасканаленні праграм
2.1. Новы від праграм для GNOME 3
У гэтым выданні ўвага была засяроджана на праграмах. Новыя праграмы, якія з'явіліся яшчэ ў выданні 3.2, былі заўважна абноўленыя, сталі прыгажэйшымі і больш зручнымі для выкарыстання. Некаторыя існуючыя праграмы таксама былі перапрацаваныя дзеля большай узгодненасці і інтэграванасці з асяроддзем GNOME 3.
Дызайн Дакументаў, новай праграмы для прагляду, пошуку і арганізацыі дакументаў, быў істотна перапрацаваны. У выніку яна стала прыгажэйшай і прасцейшай. Новая версія ўключае абноўлены інтэрфейс, магчымасць стварэння калекцый дакументаў і падтрымку друку.
Epiphany, сеціўны аглядальнік GNOME, змяніў назву на Сеціва. У выданні 3.4 ён займеў новы прыгожы інтэрфейс, у тым ліку перапрацаваную паліцу прылад і "суперменю". Таксама была павялічана хуткасць працы, у тым ліку паскораны журнал гісторыі прагляду старонак.
Новая праграма кіравання кантактамі таксама спазнала істотныя змены. Быў удасканалены галоўны спіс кантактаў, а таксама перапрацавана акно падрабязнасцяў кантакту. Кантакты таксама атрымалі іншыя магчымасці, у тым ліку падказкі для звязвання кантактаў і новы дыялог выбару аватары.
Дыскі - гэта новая назва Дыскавай прылады GNOME, і гэта праграма была сур'ёзна перапрацавана. Гэта прылада, якая дазваляе кіраваць дыскамі на вашым камп'ютары, цяпер мае абноўлены інтэрфейс, лепш інтэгравана з GNOME і мае некалькі новых магчымасцяў.
Таксама была абноўлена прылада Паролі і ключы. Яна таксама займела новы элегантны інтэрфейс.
2.2. Пошук дакументаў
Пошук у акне Заняткаў ужо цяпер прапануе хуткі спосаб доступу да праграм, кантактаў і сістэмных настроек. У гэтым выданні дадалася магчымасць пошуку дакументаў, цяпер ён заўсёды пад рукой.
Новая магчымасць пошуку дакументаў забяспечана непасрэдна праграмай Дакументы. Гэта азначае, што вы можаце шукаць дакументы як на ўласным камп'ютары, так і ў сеціўных сховішчах.
Магчымасць пошуку ў акне Заняткаў праз іншыя праграмы будзе пашырана ў наступных выданнях, каб уключыць у вынікі пошуку іншыя файлы, напрыклад, музыку ці відэа.
2.3. Праграмныя меню
Праграмныя меню - гэта новая магчымасць, якая ў будучыні стане звычайнай часткай нашых праграм. Такія меню, з назвай праграмы на верхняй стужцы, прапануюць новае месца для змяшчэння опцый, якія ўплываюць на ўсю праграму (а не на асобныя вокны), напрыклад, настроек праграмы ці дакументацыі.
Некаторыя праграмы, у тым ліку Дакументы, Сеціва і Кантакты, ужо выкарыстоўваюць праграмныя меню.
Выключэнне будзе зроблена для карыстальнікаў, у якіх фокус прывязаны да мышы; для іх будзе паказвацца класічная стужка меню.
2.4. Абноўленыя кампаненты інтэрфейсу
У гэтым выданні былі ўдасканалены некаторыя кампаненты праграмных інтэрфейсаў. Такія змены зробяць больш зручным і прыемным выкарыстанне праграм. Яны скіраваныя на змяншэнне колькасці элементаў, у якія цяжка пстрыкнуць.
Быў абноўлены дыялог выбару колераў. Новы дызайн прапануе просты доступ да зручнай палітры колераў, а таксама механізм для стварэння набору ўласных колераў. Дыялог стаў нашмат зручнейшым у параўнанні з папярэдняй версіяй.
Таксама былі абноўленыя і палосы пракруткі. У новай версіі яны займаюць менш месца, а таксама не маюць дробных кнопак-стрэлак, у якія асабліва цяжка трапіць пстрычкай.
Акрамя таго, мы перапрацавалі від круцільных кнопак, хоць гэта і было няпроста. Новыя кнопкі нашмат зручнейшыя і цудоўна выглядаюць.
Цяпер некаторыя праграмы пры максімалізацыі будуць хаваць загалоўную стужку акна. Гэта значыць, што для такіх праграм будзе даступна больш экраннай прасторы.
2.5. Россып дробных паляпшэнняў
У гэтым выданні немалая ўвага была нададзена драбнейшым удасканаленням. Гэтыя дробныя змены істотна павялічылі якасць працы асяроддзя.
Матыў аздаблення стаў яшчэ лепшым. Многія змены ледзь заўважныя, але агулам увесь матыў быў так ці іначай перапрацаваны. Цяпер праграмы выглядаюць яшчэ лепш.
У рамках гэтага выдання новая ініцыятыва пад назвай Кожная дробязь істотна звярнула сваю ўвагу на акно Заняткаў. Дзякуючы гэтай працы, многае было ўдасканалена, у тым ліку надпісы на праграмных стартарах, цэтлікі новых вокнаў, навігацыя з дапамогай клавіятуры, чытэльнасць стыляў тэксту і прыборная дошка.
Былі і іншыя дробныя паляпшэнні ў GNOME 3.4. Як заўсёды, іх надта шмат, каб пералічыць усе, але сярод іншых можна вылучыць наступныя:
- Дыялогі сеткавых пароляў, у тым ліку для VPN, дасюль заставаліся ў часах GNOME 2. Але ў гэтым выданні яны былі інтэграваныя ў асяроддзе GNOME 3.
- Да нас вярнулася Рыбка Ванда! Так-так, Ванда, наша даўняя сяброўка з часу GNOME 2. Цяпер яна з'яўляецца т.зв. велікодным яйкам, таму мы не скажам вам, дзе яе шукаць. Самі знойдзеце!
- Убудаваная прылада запісу экрана цяпер вырабляе больш плаўныя відэафайлы, а таксама ўжывае менш сістэмных рэсурсаў. Каб ужыць гэтую прыладу, проста націсніце Control+Shift+Alt+R.
- Размяшчэнне элементаў у сістэмных мадальных дыялогах было ўдасканалена. Цяпер яны выглядаюць нашмат лепш.
- Выплыўныя акенцы з апавяшчэннямі паразумнелі і цяпер не будуць выскокваць пад паказальнікам мышы ці чулай панэлі, каб не замінаць карыстальніку.
- Цяпер трэй апавяшчэнняў будзе паказвацца, калі вы на кароткі час адышлі ад камп'ютара. Такія паводзіны сістэмы дапамагаюць не прапусціць паведамленні без адказу.
2.6. Плаўная пракрутка
Пракрутка стала плаўнай у GNOME 3.4. У мінулых выданнях пракрутка была больш абрывістай. Але цяпер яна стала больш мяккай, натуральнай. Гэтае істотнае паляпшэнне робіць праграмы GNOME нашмат больш прыемнымі для выкарыстання.
Плаўная пракрутка - гэта толькі першы вынік нашай працы з кіраваннем дотыкамі, якая павінна прынесці ў будучыні яшчэ шмат іншых магчымасцяў.
2.7. Новы анімаваны фон стала
Для гэтага выдання быў абноўлены прадвызначаны фон (абрус) для стала. Гэта версія заснавана на паласатым фоне з папярэдняга выдання. Новы фон таксама дынамічны, але стаў ярчэйшым і больш выразным удзень, а цямнейшым увечары.
2.8. Удасканаленыя сістэмныя настройкі
Сістэмныя настройкі спазналі рад абнаўленняў у 3.4. Сярод іншага:
- Удасканалена сеткавая панэль, якая цяпер дазваляе забываць настройкі асобных сетак.
- Прыгажэйшая панэль сілкавання, з перапрацаваным раздзелам стану батарэй.
- Істотна палепшаная падтрымка графічных планшэтаў Wacom, у тым ліку калібраванне і прывязка кнопак, а таксама падтрымка некалькіх планшэтаў.
- Прасцейшая навігацыя дзякуючы змене назваў некаторых панэляў і абноўленай кнопцы "Усе настройкі".
2.9. Удасканаленая падтрымка апаратуры
Некаторыя ўдасканаленні ў гэтым выданні закранаюць апаратную падтрымку і інтэграцыю, што дазволіла запусціць GNOME 3 на большай колькасці прыстасаванняў, а таксама палепшыла якасць працы асяроддзя.
- Разнастайныя паляпшэнні для калібравання колераў, якія зрабілі магчымым запамінанне для кожнага профілю спіса прыстасаванняў, для якіх ён прыдатны.
- Удасканаленая праца з докстанцыямі і вонкавымі маніторамі. Цяпер ноўтбук працягне працу (і не будзе супынены), калі ён падлучаны да вонкавага манітора, нават калі зачынена яго вечка.
- Падтрымка кнопак кіравання гучнасцю на USB-калонках і навушніках.
- Падтрымка канфігурацый з некалькімі працоўнымі месцамі, напрыклад, з адпаведнымі пераноснымі USB-прыстасаваннямі.
2.10. Сапраўды карысная дакументацыя
Традыцыйна дакументацыя для карыстальнікаў напісана ў стылі папяровай кнігі: добрае чытво, але вельмі доўгае і патрабуе часу для знаёмства. Гэта не вельмі зручна, калі ўсё, што вам трэба, гэта зразумець, як зрабіць нешта канкрэтнае. З гэтай прычыны ў дадзены момант ажыццяўляецца абнаўленне дакументацыі праграм, каб яна стала больш тэматычна арыентаванай. У выданні GNOME 3.4 дакументацыя была перапрацавана для наступных праграм:
- Прылада для аналізу дыскавай прасторы Baobab
- Кіраўнік архіваў File Roller
- Гульні Glines, Iagno , Mahjongg і Sudoku
- Праглядальнік журнальных файлаў
- Прылада для стварэння дыялогаў Zenity
- Таксама істотна ўдасканалена Даведка Асяроддзя.
2.11. Падтрымка відэазванкоў і Live Messenger
3.4 улучае некалькі паляпшэнняў у праграме для чату Empathy. Найперш гэта новы інтэрфейс для аўдыя- і відэазванкоў. Ён цалкам інтэграваны з GNOME 3, і цяпер вы зможаце без цяжкасцяў адказваць на відэазванкі.
Таксама ў гэтым выданні Empathy займела новую падтрымку для Windows Live Messaging і Facebook, а гэта азначае, што гутарыць з сябрамі цяпер стала яшчэ прасцей.
У гэтае выданне Empathy уключаныя і іншыя паляпшэнні:
- Дыялог контаў быў часткова перапрацаваны, што зрабіла яго больш простым для выкарыстання.
- Удасканаленая інтэграцыя з Кантактамі, якая спрасціла інтэрфейс карыстальніка і дала Empathy магчымасць выкарыстоўваць магутнасць Кантактаў, напрыклад, прапановы для сувязяў.
2.12. Шматлікія ўдасканаленні праграм
Гэтае выданне ўлучае дзясяткі іншых паляпшэнняў нашых праграм. Акрамя выпраўленняў хібаў, былі зроблены і заўважныя змены. Вось некаторыя з іх:
- Кіраўнік файлаў Наўтылус цяпер падтрымлівае магчымасць "Адрабіць назад", якая дазваляе скасаваць учыненыя змены на файлавай сістэме. Вельмі зручна для выпраўлення памылак! :)
- Прылада капіравання CD-дыскаў Sound Juicer займела новую магчымасць сцягвання метаданых, якая прапануе лепшую падтрымку для шматдыскавых альбомаў.
- Тэкставы рэдактар gedit цяпер запускаецца і на Mac OS X, у дадатак да GNOME.
- Прылада для працы з сеціўнай відэакамерай Cheese цяпер ужывае WebM у якасці прадвызначанага відэафармату (замест Theora).
- Не абмінулі ўдасканаленні і нашы гульні. Стужкі стану былі выдаленыя, дадаліся праграмныя меню і інш.
- Сістэмны назіральнік атрымаў падтрымку кантрольных груп.
- Праглядальнік выяў (раней вядомы як Вока GNOME) прыдбаў новую бакавую паліцу для метаданых выявы. Яна дазваляе праглядаць выявы і адначасова вывучаць іх уласцівасці.
- Цяпер з дапамогай Evolution можна злучацца з серверамі Kolab Groupware. Магчыма адначасовае выкарыстанне некалькіх контаў Kolab. Поўная падтрымка пазасеткавай працы, пашыраныя спісы занятасці, вызначэнне і развязанне канфліктаў сінхранізацыі таксама прысутнічаюць.
- Памочнік наладкі контаў Evolution цяпер аўтаматычна апазнае папулярныя паштовыя сэрвісы і спрашчае для іх працэс настройкі. У дадатак, цяпер можна змяняць парадак паштовых контаў у бакавой паліцы.
3. Навінкі ў прыладах даступнасці для інвалідаў
GNOME 3.4 з'яўляецца найбольш даступнай для інвалідаў версіяй GNOME 3, акцэнт у якой быў зроблены на надзейнасці і агульнай зручнасці. Праект GNOME пачаў Кампанію збору сродкаў пад назвай Сябры GNOME, каб уклад праекта ў даступнасць асяроддзя быў падмацаваны рэсурсамі, патрэбнымі, каб зрабіць 2012 год Годам даступнасці GNOME.
Гэтае выданне змяшчае некалькі істотных паляпшэнняў для магчымасцяў даступнасці GNOME. Сярод іншага:
3.1. Удасканаленне інтэграцыі Orca
Падтрымка чытачоў экрана была ўдасканалена. Цяпер карыстальнікі праграмы Orca могуць выкарыстоўваць асяроддзе GNOME 3. Інтэграцыя будзе працягнута ў наступных выданнях. Тым часам мы заклікаем карыстальнікаў Orca паведамляць аб тым, што яны думаюць пра гэтую інтэграцыю.
Таксама ў гэтым выданні была істотна павялічана прадукцыйнасць Orca. Новая версія пачала хутчэй працаваць.
3.2. Палепшаны высокакантрасны рэжым
Высокакантрасны матыў аздаблення зазнаў колькі паляпшэнняў. Новыя і падноўленыя кампаненты інтэрфейсу GNOME цяпер падтрымліваюць высокакантрасны рэжым. Таксама былі ўдасканалены і пашыраны высокакантрасныя значкі, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым рэжыме, што палепшыла від і пакрыццё асяроддзя GNOME.
3.3. Індывідуальная настройка маштабавання
У гэтым выданні былі дададзены новыя настройкі маштабавання. Яны дазваляюць змяніць множнік маштабавання, трэкінг мышы, размяшчэнне абшару павелічэння на экране, а таксама ўключыць перакрыжаванне, якое можа дапамагчы ў пошуку паказальніка мышы ці чулай панэлі.
4. Навінкі для распрацоўшчыкаў
Наступныя змены важныя для распрацоўшчыкаў, якія будуць выкарыстоўваць Платформу GNOME 3.4. Калі вас не цікавяць змены, накіраваныя на распрацоўшчыкаў, вы можаце адразу перайсці да раздзела Секцыя 5 ― Інтэрнацыяналізацыя.
У GNOME 3.4 уключана апошняе выданне Платформы распрацоўшчыка GNOME. Яна складаецца з набору бібліятэк са стабільным API/ABI, якія распаўсюджваюцца згодна з умовамі ліцэнзіі GNU LGPL і якія можна выкарыстоўваць для распрацоўкі кросплатформавых праграм.
Падрабязную інфармацыю аб распрацоўцы для GNOME можна знайсці ў Цэнтры распрацоўшчыка GNOME.
- 4.1. GLib 2.32
- 4.2. GTK+ 3.4
- 4.3. Clutter 1.10
- 4.4. DConf
- 4.5. Выкарыстанне састарэлых бібліятэк
- 4.6. Разнастайныя абнаўленні для распрацоўшчыкаў
4.1. GLib 2.32
Дапаможная нізкаўзроўневая бібліятэка GLib зазнала шматлікія ўдасканаленні:
- Падтрымка ніцяў была перапісана. Сярод іншага, цяпер ужо не трэба выклікаць функцыю g_thread_init().
- Прадвызначаны праграмны драйвер сховішча для GNOME (GSettings) займеў "родную" падтрымку Mac OS X. Таксама GSettings лепш падтрымліваецца плугінамі і пашырэннямі, дзякуючы GSettingsSchemaSource.
- GResource дазваляе ўбудоўваць рэсурсы ў двайковыя файлы
- Падтрымка Unicode 6.1
- Новы інтэрфейс назірання за станам сеткавага злучэння: GNetworkMonitor
- Для GLib і GTK+ уведзены механізм старэння непатрэбных функцый з падтрымкай версій. Напрыклад, з дапамогай GLIB_VERSION_MIN_REQUIRED (GDK_VERSION_MIN_REQUIRED для GTK+) вы можаце атрымліваць перасцярогі аб выкарыстанні API, састарэлага раней за апошнюю стабільную версію, але не для апошняга чарнавога выдання 2.31. Аналагічная функцыянальнасць даступная і для надта новага API, гл. GLIB_VERSION_MAX_ALLOWED (GDK_VERSION_MAX_ALLOWED для GTK+).
4.2. GTK+ 3.4
GTK+ 3.4 з'яўляецца апошнім выданнем інструментарыя GTK+, які ляжыць у падмурку GNOME. GTK+ 3.4 улучае новыя магчымасці для распрацоўшчыкаў, а таксама шматлікія выпраўленні хібаў.
- Больш поўная падтрымка CSS для матываў аздаблення, а таксама ўдасканаленая падтрымка празрыстасці для матываў і фона
- Удасканаленая кросплатформавая праца з клавіятурнымі скаротамі, дзякуючы выкарыстанню "Primary" замест "Control"
- Пачатковая падтрымка дотыкаў (а таксама падтрымка XInput 2.2): віджэты цяпер могуць атрымліваць дотыкі, падлучыўшыся да сігналу GtkWidget::touch-event. GTK+ выкарыстоўвае дотыкі для ажыццяўлення кінетычнай пракруткі ў GtkScrolledWindow і адпаведнай працы меню
- Падтрымка плаўнай пракруткі з дапамогай новага кірунку GDK_SCROLL_SMOOTH і новая маска падзей GDK_SMOOTH_SCROLL_MASK. gdk_event_get_scroll_deltas() прапануе дэльты пракруткі.
- Падтрымка сеансаў: GtkApplication падтрымлівае апавяшчэнне аб выхадзе з сеанса і ўзгадненне дзеянняў у сувязі з такім выхадам (падобна да састарэлага EggSMClient)
- Падтрымка меню і вокнаў для GtkApplication, у тым ліку падтрымка Mac OS X
4.3. Clutter 1.10
Clutter, графічная бібліятэка для стварэння карыстальніцкіх інтэрфейсаў, забяспечаных апаратным паскарэннем, прапануе наступныя паляпшэнні:
- Падтрымка некалькіх праграмных драйвераў: Clutter можна скампіляваць з падтрымкай розных платформ, а праграмны драйвер можа быць выбраны пры запуску.
- Праграмны драйвер GDK: Clutter можа ўжываць GDK, сістэмную бібліятэку для працы з вокнамі, якая таксама выкарыстоўваецца для GTK+.
- Падтрымка падказкі для граф уводу пароляў. Калі падказкі ўключаныя, апошні ўведзены знак будзе паказаны на кароткі час, дзеля больш пэўнага ўводу пароляў і іншага схаванага тэксту на платформах з недакладным спосабам уводу (напрыклад, для экранных клавіятур).
- Выкарыстанне тых жа самых азначэнняў для старэння непатрэбных функцый з падтрымкай версій, што і GLib і GTK+ (гл. вышэй).
- Удасканаленая падтрымка Mac OS X і Wayland.
- Новы API для рысавання сцэн: ClutterActor цяпер з'яўляецца адзіным класам для азначэння сцэн у Clutter-праграме. Гэта азначае, што наступныя інтэрфейсы цяпер лічацца састарэлымі: ClutterContainer, ClutterGroup, ClutterRectangle і ClutterBox.
- Новы няяўны анімацыйны API для ClutterActor.
- Новы інтэрфейс ClutterContent, з дзвюма імплементацыямі: Canvas для рысавання з дапамогай Cairo і Image для паказу выяў; інтэрфейс Content падтрымлівае новы API для рэндэрынгу аб'ектаў для малявання змесціва актара.
- Падтрымка перакладу паведамленняў і GResource-аб'ектаў у файлах апісання інтэрфейсаў ClutterScript.
- Колькасць паўтораў і рэжым прагрэсу дададзеныя да класа Timeline.
- Паскарэнне GLSL-эфектаў, якія пастаўляюцца разам з Clutter.
- Новы эфект яркасці-кантраснасці
4.4. DConf
Прадвызначаны праграмны драйвер GSettings зазнаў некалькі паляпшэнняў:
- DConf цяпер можа чытаць з некалькіх баз даных канфігурацыі. Фармат dconf-профілю цяпер яўна апазнае dconf-базы карыстальніка і сістэмы, а не лічыць, што толькі першы радок азначае базу даных карыстальніка. Карыстальнікі, зацікаўленыя ў супольным выкарыстанні часткі свайго dconf-профілю на некалькіх сістэмах, напрыклад, у выпадку дамашняга каталога з кіраваннем версіямі файлаў, могуць ужыць гэтую магчымасць для чытання настроек з супольнай dconf-базы ў дадатак да асноўнай базы, даступнай для запісу.
- DConf цяпер падтрымлівае вызначэнне dconf-профіляў з дапамогай абсалютнай сцежкі ў зменнай асяроддзя $DCONF_PROFILE, а не толькі адносна каталога /etc/dconf/profiles/. Гэта дазваляе карыстальніку вызначыць профіль ва ўласным дамашнім каталогу, для выкарыстання некалькіх баз даных.
4.5. Выкарыстанне састарэлых бібліятэк
Была працягнута праца па замене састарэлых тэхналогій сучаснымі.
- Некаторыя праграмы (напрыклад, gdm, gnome-control-center, gnome-games, gthumb, gucharmap, metacity, mutter і Rhythmbox) цяпер выкарыстоўваюць GSettings для сховішча настроек замест састарэлага GConf. Для mutter гэта прывяло да пэўных змен у спісе клавіятурных скаротаў.
- libgoffice, libgnomekbd і libxklavier атрымалі падтрымку GObject-інтраспекцыі, што аўтаматычна зрабіла API гэтых модуляў даступным для шматлікіх моў праграмавання і асяроддзяў запуску праграм. Акрамя таго, gevice замест састарэлых статычных Python-сувязяў цяпер выкарыстоўвае інтраспекцыю.
- Некаторыя пакункі (напрыклад, gnome-bluetooth, gnome-control-center, gnome-settings-daemon, gnome-shell, sound-juicer) цяпер замест dbus-glib выкарыстоўваюць GDBus, а замест libunique - G(tk)Application.
4.6. Разнастайныя абнаўленні для распрацоўшчыкаў
Сярод іншых паляпшэнняў у Платформе GNOME 3.4 можна згадаць:
- Кіраванне праектамі ў інтэграваным асяроддзі распрацоўкі Anjuta стала больш простым і магутным. Праграма займела новы дыялог "Пошук у файлах", які дазваляе шукаць у праектных файлах, а таксама ўжыць фільтр для каталогаў і/ці тыпаў файлаў. Пошук падтрымлівае рэгулярныя выразы, а замену можна ажыццявіць як для ўсіх вынікаў, так і для іх падмноства. Таксама для Anjuta была ўдасканалена інтэграцыя з дызайнерам інтэрфейсаў карыстальніка Glade, а менавіта дадалася магчымасць аўтаматычнага злучэння віджэтаў і коду.
- Некаторыя праграмы (напрыклад, gnome-dictionary, gnome-system-monitor, transmageddon) удасканалілі сумяшчальнасць паміж працоўнымі асяроддзямі, прывёўшы свае паводзіны ў адпаведнасць са спецыфікацыяй каталогаў freedesktop.org.
- Распрацоўшчыкі, якія карыстаюцца тэкставым рэдактарам gedit, могуць ужыць новы плугін gedit-code-assistance, які прапануе дадатковыя падказкі ў кодзе для C, C++ і Objective-C з дапамогай clang, а таксама для Python.
- Раней Evolution-Data-Server сцягваў усе (старыя) паведамленні пры даданні новага конта IMAP. Цяпер жа можна вызначыць, каб ён сцягваў старыя паведамленні толькі пры патрэбе. Гэта магчымасць зберагае трафік і дыскавую прастору. Таксама былі ажыццёўлены пэўныя паляпшэнні для API сінхранізацыі у плашчыні прадукцыйнасці і зручнасці выкарыстання.
- Новы модуль pygtkcompat.py для PyGObject прапануе лепшую сумяшчальнасць з састарэлым PyGTK.
- Дзеля зручнасці, Empathy цяпер мае опцыю "Паслаць як pastebin" у адладачным акне.
5. Інтэрнацыяналізацыя
Дзякуючы нястомнай працы ўдзельнікаў Праекта перакладу GNOME з усяго свету, GNOME 3.4 прапануе падтрымку больш за 50 моў, для якіх ёсць пераклад больш як 80 працэнтаў паведамленняў, а таксама даведнікі для карыстальнікаў і адміністратараў на многіх мовах.
Мовы з падтрымкай:
- Інданезійская
- Іспанская
- Італьянская
- Іўрыт
- Англійская (Вялікабрытанія)
- Англійская (ЗША)
- Арабская
- Асамская
- Астурыйская
- Балгарская
- Баскская
- Беларуская
- В'етнамская
- Венгерская
- Галандская
- Галісійская
- Грэцкая
- Гуджараці
- Дацкая
- Карэйская
- Каталанская
- Каталанская (Валенсія)
- Кітайская (Ганконг)
- Кітайская (Кітай)
- Кітайская (Тайвань)
- Латышская
- Літоўская
- Македонская
- Нарвежская (букмал)
- Нямецкая
- Панджабі
- Партугальская
- Партугальская (Бразілія)
- Польская
- Румынская
- Руская
- Сербская
- Славенская
- Тайская
- Тамільская
- Турэцкая
- Тэлугу
- Уйгурская
- Украінская
- Французская
- Фінская
- Хіндзі
- Чэшская
- Шведская
- Эстонская
- Японская
Для многіх іншых моў таксама прысутнічае частковая падтрымка, з больш як паловай перакладзеных паведамленняў.
Пераклад такога вялікага праграмнага пакунка, як GNOME, на новую мову - вельмі цяжкая праца, нават для мэтанакіраванай і працавітай суполкі перакладчыкаў. У гэтым выданні асабліва вызначылася беларуская суполка, якая павялічыла пакрыццё сістэмы перакладам ажно на 39 працэнтаў (ад выдання 3.0). Таксама вартыя ўшанавання перакладчыкі на кхмерскую мову, якія павялічылі пакрыццё перакладам на 24 працэнты ад выдання GNOME 3.2, а таксама македонская суполка з дадатковым 21 працэнтам перакладу.
Падрабязная статыстыка і іншая інфармацыя даступныя на пляцоўцы перакладчыкаў GNOME.
6. Дзе ўзяць GNOME 3.4
Каб усталяваць ці абнавіць ваш камп'ютар да GNOME 3.4, мы раім выкарыстаць афіцыйныя праграмныя пакункі, створаныя для вашага дыстрыбутыва ці сістэмы. Для папулярных дыстрыбутываў такія пакункі з'явяцца ўжо неўзабаве, а для некаторых ужо нават ёсць чарнавыя версіі GNOME 3.4.
Калі вы хочаце паглядзець GNOME, вы можаце сцягнуць адпаведны вобраз дыска. Такія вобразы даступныя на адпаведнай старонцы: Дзе ўзяць GNOME.
Калі вы цярплівыя, не баіцеся цяжкасцяў і хочаце ўласнаручна збудаваць GNOME з выточных кодаў, мы раім вам ужыць праграму JHBuild, якая спраектавана якраз для пабудовы апошняй версіі GNOME са сховішча Git. Вы можаце выкарыстаць JHBuild, каб збудаваць GNOME 3.4.x, выбраўшы набор модуляў gnome-3.4.
7. Наступнае выданне - GNOME 3.6
Наступнае выданне GNOME 3.6 запланавана на верасень 2012 года. У ім чакаюцца шматлікія новыя магчымасці і паляпшэнні.
7.1. Змены, заўважныя для звычайных карыстальнікаў
Працяг працы над інтэграцыяй з сістэмнымі кампанентамі, не пакідаючы без увагі дробязі, якія могуць спрасціць жыццё карыстальнікаў.
-
Паляпшэнне Boxes, новай праграмы для GNOME 3, якая дазваляе без цяжкасцяў злучацца з аддаленымі камп'ютарамі і віртуальнымі машынамі. Першая выпрабавальная версія Boxes ужо даступная для GNOME 3.4. Аднак яна яшчэ можа адсутнічаць у вашай сістэме.
Удасканаленне паказу HTML-паведамленняў у Evolution праз выкарыстанне WebKit замест састарэлай бібліятэкі GtkHtml.
7.2. Змены ў прыладах даступнасці для інвалідаў
- Працяг паляпшэння ўзроўню даступнасці Абалонкі GNOME з дапамогай Orca, а таксама далейшае ўдасканаленне Orca ў галіне падтрымкі WebKit2GTK+.
- Лупа Абалонкі GNOME прапануе дадатковыя опцыі для змянення яркасці і кантраснасці.
7.3. Змены, якія датычаць распрацоўшчыкаў
- Падтрымка правайдараў пошуку для Абалонкі GNOME, прапанаваных іншымі праграмамі.
- Праграма Сеціва магчыма пераключыцца на WebKit2GTK+.
- Для GTK+ запланаваны пераход ад імплементацыі паводзін віджэтаў у апрацоўшчыках падзей да мадэлі, у якой паводзіны дадаюцца да віджэтаў у форме асобных аб'ектаў (падобна да Clutter).
8. Падзякі
Гэтыя заўвагі да выдання былі скампіляваныя Allan Day, André Klapper і Olav Vitters, з дапамогай супольнасці GNOME.
Гэтае выданне не стала б магчымым без цяжкай і мэтанакіраванай працы Супольнасці GNOME. Віншуем і дзякуем усім, хто быў з намі.
Гэтыя заўвагі да выдання могуць быць перакладзеныя на любую іншую мову. Калі вы хочаце перакласці іх на вашу родную мову, звярніцеся да Праекта перакладу GNOME.
Гэты дакумент распаўсюджваецца згодна з умовамі ліцэнзіі Creative Commons Sharealike 3.0. Аўтарскія правы © Праект GNOME